Кацярына Кручынкіна, TіkTok-мейкер, расказала zviazda.by як гэта, у 12 гадоў здымаць вiдэа у найлепшым хакейным клубе краіны
Хто сказаў, што дзеці не могуць быць паўнавартаснымі калегамі дарослых, дасведчаных людзей? Сучасная моладзь здольная на ўсё. Калі, вядома, вельмі гэтага захоча. А спорт з яго неабмежаванасцю і прасторай для крэатыву дазваляе кожнаму рэалізаваць сябе, незалежна ад узросту. І не толькі на спартыўнай арэне, але і «за кулісамі». Ну, ці ў аддзеле трэндаў вядучага хакейнага клуба краіны «Дынама-Мінск». У гэтым сезоне ён запусціў унікальны праект, які дазволіў юным аматарам стаць часткай каманды і не проста падтрымліваць любімых хакеістаў на трыбунах, а дапамагчы любімаму клубу стаць яшчэ цікавейшым. У хакей, перш за ўсё, гуляюць для аматараў і балельшчыкаў. А ў наш час аматарам, акрамя дынамічнага відовішча ў тры перыяды па 20 хвілін, патрабуюцца шоу перад гульнёй і ў перапынках плюс цікавы кантэнт у сацыяльных сетках. Зразумела, усё гэта павінна быць сучасным і захапляльным. А хто лепей за сучасных дзяцей ведае трэнды і можа падказаць, як працаваць з маладзёжнай аўдыторыяй? Таму аддзел маладых (у прамым сэнсе гэтага слова) спецыялістаў, адказных за трэнды, у структуры «Дынама-Мінск» стаў сапраўдным прарывам. Трэндавых вакансій у клубе было шэсць: PR-менеджар Зубрыка (талісмана клуба), Event-менеджар, SMM-спецыяліст, TіkTok-мейкер, вядучы хакейных матчаў, менеджар дзіцячай зоны. Ахвотных было вельмі шмат, але на работу запрасілі найлепшых.
Кацярына Кручынкіна, TіkTok-мейкер «Дынама-Мінск», расказала як гэта, у 12 гадоў працаваць у найлепшым хакейным клубе краіны.
«Любоў да хакея ў нас сямейная. Мама расказвала, што калі была цяжарная мной, любіла хадзіць на матчы. А сапраўднае захапленне мне прывіў старэйшы брат. Мы разам глядзелі матчы па тэлевізары, а потым я ўгаварыла ўзяць мяне на сапраўдную гульню. З тых часоў, адна ці з братам, я не прапускаю ні адной дамашняй гульні «Дынама-Мінск», — расказвае Каця. — Калі ўбачыла аб'яву аб наборы ў аддзел трэндаў, нават не сумнявалася — падаваць заяўку ці не. Не было разважанняў і на якую вакансію прэтэндаваць — толькі TіkTok-мейкер». Каця адзначае, што ўжо два гады здымае відэа для гэтай платформы і добра ў ёй разбіраецца. Гэта і прыйшлося паказаць на сумоўі. Каці асабліва пашанцавала, бо яго праводзіў нападаючы «Дынама-Мінск» Віталь Пінчук, любімы хакеіст дзяўчыны. Дарэчы, сярод «зуброў» у юнай балельшчыцы пяць любімых гульцоў: Віталь Пінчук, Аляксей Коласаў, Шон Лалонд, Раман Гарбуноў і Павел Варфаламееў.
«Калі на наступны дзень мне пазванілі і сказалі, што прынялі ў аддзел трэндаў, была ў шоку. Я вельмі хацела туды трапіць. Можна сказаць, нават марыла аб гэтым. Адразу пачала прыдумваць цікавыя ідэі новых ролікаў для TіkTok клуба. Гэта было нескладана, бо людзям трэба тое, што зараз у трэндзе. А я ў гэтым вельмі добра разбіраюся. Мне было цікава здымаць відэа з хакеістамі, ад якіх я фанацею», — адзначае Каця.
У TіkTok «Дынама-Мінск» рэгулярна выходзяць відэа з гульцамі клуба. Іх здымкамі поўнасцю кіруе Каця Кручынкіна. Яна і рэжысёр, і аператар, і мантажор. «Мне не страшна рэжысіраваць хакеістаў. Я аб гэтым не думаю, усе думкі толькі аб тым, як зрабіць якасны ролік. Тым больш што яны звычайна мяне слухаюць. Пасля першых відэа хакеісты раскрыліся для мяне з іншага боку. Напрыклад, Шон Лалонд у жыцці такі вясёлы дабрак. А на лёдзе — суровы і сур'ёзны. Яны ўсе на лёдзе здаюцца безэмацыянальнымі, але ўсе хакеісты — вясёлыя, простыя людзі. Розніца вельмі адчуваецца», — дзеліцца ўражаннямі Каця. Яшчэ адным адкрыццём для хакейнай фанаткі стала трэніроўка каманды. Звычайным балельшчыкам туды, вядома, уваходу няма, але супрацоўнікам аддзела трэндаў паглядзець, як трэніруюцца «зубры», можна.
«Было вельмі прыемна ўпершыню трапіць на трэніроўку любімай каманды, таму што не ва ўсіх ёсць такі шанц. На трэніроўцы ўсё інакш, чым на гульні. На матчах заўсёды шмат балельшчыкаў і вельмі гучна. А на трэніроўках — цішыня. Уся ўвага хакеістаў засяроджана толькі на сваіх задачах. Яны рэальна вельмі шмат працуюць. У варатароў, нападаючых, абаронцаў — ва ўсіх свае заданні. І, канешне, мне было прыемна і цікава паглядзець, як яны рыхтуюцца да гульняў». Адкрыццём для Каці стаў і галоўны трэнер каманды канадскі спецыяліст Крэйг Вудкрафт: «Ён здаецца добрым, але на самай справе суровы і сур'ёзны чалавек. Адразу відаць, што ў яго дысцыпліна ў камандзе. У мяне ёсць ідэя зняць TіkTok з ім. Але не ведаю, ці пагадзіцца ён?».
Што такое «Аддзел трэндаў», тысячы хакейных аматараў убачылі 19 лістапада 2022 года, калі «Дынама» на «Мінск-Арэне» прымала «Адмірал» з Уладзівастока. На першы погляд, звычайная гульня. Але ў незвычайны матчавы дзень, які поўнасцю арганізавалі і правялі дзеці. Гімны перад стартам гульні выканала Сафія Рустамава, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сімвалічнае ўкідванне з капітанамі каманд зрабіў юны хакеіст СДЮШАР БФСТ «Дынама» Станіслаў Баранаў. Атмасферу на трыбунах стваралі юныя вядучыя Рома і Ксюша. Іх калегі па аддзеле трэндаў кантралявалі, каб усё ішло па сцэнарыі. За музычнае афармленне таксама адказваў юны дыджэй. За інтэрв'ю з хакеістамі — 10-гадовы гулец СДЮШАР БФСТ «Дынама» Улад Байрашэўскі, ён жа пасля матча правёў прэс-канферэнцыю з удзелам галоўных трэнераў каманд, якія высока ацанілі работу журналіста. На матчы быў і юны трэнер Ягор Леўчанка, які займаецца хакеем у СДЮШАР БФСТ «Дынама», у распранальні ён даваў устаноўку камандзе. Юныя спецыялісты падрыхтавалі для наведвальнікаў «Мінск-Арэны» мноства розных забаў. Матч новага пакалення ўстанавіў рэкорд па наведвальнасці «Мінск-Арэны» ў сезоне 2022/2023. З трыбун за гульнёй назіралі 15 тысяч гледачоў. І няхай «Дынама-Мінск» прайграла «Адміралу» з вынікам 3:4, матч новага пакалення ўсе запомняць надоўга.
«На матчы новага пакалення мы хайпанулі. На трыбунах было больш за 15 тысяч чалавек, і ад кожнага адчувалася падтрымка каманды. Было вельмі хвалююча адчуваць, што ўсё гэта ты арганізаваў. Я займалася сваёй звыклай справай, здымала цік-токі, але перажывала за каманду хакеістаў і арганізатараў. Самая вялікая адказнасць ляжала на нашых маладых вядучых, на Роме і Ксюшы. Яны малодшыя за нас, і я хвалявалася, каб яны не памыліліся. Але ў Ромы і Ксюшы ўсё атрымалася крута. На адным з матчаў балельшчык выканаў на трыбунах смешны танец. Рома Гарбуноў яго паўтарыў, я, канешне, зняла гэта для TіkTok. На матчы новага пакалення мы запусцілі гэтае відэа на медыякубе. І ўявіце: усе 15 тысяч сталі танцаваць. Ну, канешне, аддзел трэндаў рабіў гэта лепей за ўсіх», — расказвае Каця. Падчас падрыхтоўкі да матча новага пакалення юныя менеджары кожны дзень перапісваліся, правялі мноства мазгавых штурмаў. Дарэчы, мазгавы штурм — адна з самых папулярных форм работы аддзела трэндаў. Як кажуць, адна галава добра, а шэсць — лепей. Графік работы юных спецыялістаў даволі мяккі: яны збіраюцца ў дні дамашніх гульняў, а ўвесь астатні час вырашаюць рабочыя задачы ў перапісках. Таму работа ў «Дынама-Мінск» удала спалучаецца са школьнымі заняткамі.
«Калі шчыра, здаецца, што аднакласнікі мне крыху зайздросцяць. І таму, што яны бачаць мяне па тэлевізары, і таму, што я камунікую з хакеістамі. У школе шмат хлопчыкаў і дзяўчынак са старшых класаў ходзіць на гульні «Дынама», і яны часта ў мяне цікавяцца, як справы ў каманды. Некаторыя нават прасілі правесці ў распранальню, пазнаёміць з хакеістамі. Але нельга», — расказвае Каця.
Галоўным вынікам сваёй работы ў аддзеле трэндаў Каця лічыць цікавасць людзей да «Дынама-Мінск». Ролікі ў TіkTok набіраюць па 700—800 тысяч праглядаў. «Самае важнае, што нашу работу цэняць. Мая задача — зняць класныя цік-токі, якія будуць падабаецца абсалютна ўсім. Людзям патрэбныя ўражанні, нешта незвычайнае, чаго яны не чакалі ўбачыць. Усе прывыклі, што хакеісты падчас гульні вельмі сур'ёзныя і засяроджаныя. Але, калі балельшчыкі бачаць сваіх куміраў, якія танцуюць, жартуюць, усміхаюцца, яны здзіўляюцца і яшчэ больш пачынаюць іх падтрымліваць», — раскрывае прафесійныя сакрэты TіkTok-мейкер хакейнага клуба. У будучыні Каця плануе працаваць з сацыяльнымі сеткамі, пажадана, любімага хакейнага клуба.
Па словах Каці, аддзел трэндаў «Дынама-Мінск» даў ёй цудоўную магчымасць развівацца. Яна абсалютна не шкадуе, што падала заяўку. І з нецярпеннем чакае работы ў наступным сезоне: «Вельмі прыемна, што клуб зрабіў акцэнт на дзяцей, якія падтрымліваюць каманду. Перамога хлопцаў для нас — сапраўднае шчасце. Усе супрацоўнікі клуба шчыра за іх радуюцца, бо кожны ўкладвае душу ў каманду. «Дынама-Мінск» — сапраўдная сям'я, адно цэлае. І я вельмі рада, што таксама стала яе часткай».
Тэкст: Валерыя СЦЯЦКО, zviazda.byИлья Усов: «Хорошо, что на победной ноте едем домой»
Интервью 10 октября 2024Дмитрий Квартальнов: «Мы победили по делу»
Интервью 8 октября 2024Дмитрий Квартальнов: «Гол соперника в меньшинстве все решил»
Интервью 6 октября 2024Брэди Лайл: «Создали много голевых моментов, но вот уже две игры подряд подводит реализация»
Время большого розыгрыша от Winline и «Динамо-Минск»!
События Сегодня«Динамо-Минск» - ЦСКА. Превью
События 11 октября 2024Хоккейный клуб «Динамо-Минск» и ОАО «Газпром трансгаз Беларусь» продолжают партнерский проект в сезоне 2024/2025
Видео 11 октября 2024Вадим Шипачев: «Хотелось выиграть у сильной команды»